Прывітанне старшыні
Год народного единства
Газета «Светлае жыццё»
Рус
En
Бел

Адрас: 247841, г.п. Лельчыцы,
вул. Савецкая, 42

Е-mail: isp@lelchitsy.gomel-region.by

Тэлефон / факс: (+375 2356) 5 02 10

Будынак райвыканкама Рака Убарць Новы мікрараён
Галоўная Раён Гісторыя

Гісторыя

Кароткая даведка пра гісторыю г.п. Лельчыцы



Першае згадванне назвы Лельчыцы ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1569 г. З таго часу яно вядома як мястэчка Лельчыцы Мазырскага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Але жыццё тут зарадзілася задоўга да названага часу. Аб гэтым сведчаць археалагічныя даследаванні. Самыя старажытныя археалагічныя знаходкі ў Лельчыцкім раёне датуюцца эпохай мезаліту.

З 1793 г. м.Лельчыцы ўваходзіць у склад Расійскай імперыі і з’яўляецца цэнтрам Лельчыцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. Акрамя Лельчыцкай воласці на тэрыторыі цяперашняга Лельчыцкага раёна была створана і Буйнавіцкая воласць.

У другой палове 18 ст. самым вялікім і найбольш шматлікім на колькасці насельніцтва паселішчам ва Убарцкай воласці былі Буйнавічы (77 двароў), на другім месцы Букча (76 двароў) і толькі на трэцім – Лельчыцы (64 двары).

У час рэвалюцыйных падзей 1917 г. дом апошняга лельчыцкага кіруючага памешчыка пана Баканоўскага стаў месцам процістаяння двух класаў – буржуазіі і сялянства. Група ўзброеных сялян на чале з Раманам Ліінам і Васілём Ляхаўцом завязалі бой з вартай, у выніку якога загінуў адзін чалавек.

Улада пераходзіць у рукі рабочых і сялян.

У 1917 г. пачалася нямецкая інтэрвенцыя Кайзераўскай Германіі.

Люты 1918 – студзень 1919 гг. – акупацыя м.Лельчыцы нямецкімі войскамі.

У сакавіку 1920 г. м.Лельчыцы было захоплена войскамі буржуазнай Польшчы.

14 ліпеня 1920 г. у Лельчыцах створаны Лельчыцкі валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале са Станько В.А.

У канцы ліпеня 1920 г. тэрыторыя Лельчыцкага раёна была вызвалена ад белапольскіх інтэрвентаў.

Лістапад 1920 – сярэдзіна 1921 гг. Лельчыцкая воласць падверглася нападзенню з боку банд Булак-Балаховіча і Снавацкага.

Толькі ў сярэдзіне 1921 г. настала доўгачаканае мірнае жыццё.

На 16 ліпеня 1921 г. насельніцтва Лельчыцкай воласці складала 10126 чалавек.

У гэты час у воласці дзейнічалі 7 школ і 1 бальніца, а ўжо да канца 20-х гадоў налічвалася 1 сямігодка і 26 пачатковых школ, адна бальніца і амбулаторыя ў в.Буйнавічы.

У 1929 г. у м.Лельчыцы быў арганізаваны калгас «Чырвоны араты».

У 1932 г. у Лельчыцах пачала дзейнічаць МТС, у сакавіку 1931 г. выйшаў першы нумар газеты «Калгаснік на варце» – органа Лельчыцкага РК КПБ.

Прамысловасць таго часу характарызавалася наступным чынам: налічваецца – 34 прадпрыемствы, у т.л. электрастанцый – 1, цагельны завод – 2, лесазавод – 1, бандарны завод – 1, швейныя арцелі – 2, сталярныя майстэрні – 1, вадзяныя млыны – 18, паравыя – 1 і г.д.

27 верасня 1938 г. м.Лельчыцы стала гарадскім пасёлкам Лельчыцы Палескай вобл.

З кожным годам павялічваўся дабрабыт працоўных раёна, раслі матэрыяльныя даходы, разгортвалася жыллёвае будаўніцтва. Быў распрацаваны план рэканструкцыі пасёлка Лельчыцы. Развівалася прамысловасць: 1933 г. – уведзены ў эксплуатацыю цагельны завод у в.Маркоўскае; 2 ліпеня 1936 г. – быў арганізаваны Лельчыцкі лясгас; у 1937 г. – некаторыя дробныя прадпрыемствы аб’ядналіся ў прамысловы камбінат.

У час Вялікай Айчыннай вайны Лельчыцкі раён стаў цэнтрам партызанскага руху. Тут дзейнічалі партызанскія атрады імя Кутузава, імя Калініна, імя Сталіна, імя Суворава, імя Варашылава. На базе гэтых атрадаў была створана Лельчыцкая партызанская брыгада.

Гераічную лепту ў гісторыю нашага раёна ўнесла дзейнасць падпольнай маладзёжнай арганізацыі, кіраўніком якой быў М.В. Кудзін.

 

Легенды пра ўзнікненне назвы «Лельчыцы»

 

Першапачатковая назва – Ленчыцы.

Ленчьщы – гэта так званая перанесеная назва, з’яўленне якой было звязана з польскімі перасяленцамі, якія заснавалі невялікую вёсачку і назвалі яе так, як называлася тое мястэчка ў Польшчы, адкуль яны перасяліліся – Ленчыца.

* * *
Некалі, шмат стагоддзяў таму, у час мангола-татарскага нашэсця, пачалі ворагі шукаць у лясах і сярод бясконцых балот нібыта схаваны там залаты лік Леля – ляснога бога. Тры гады шукалі, рыхтавалі ўсё новыя атрады – адны на конях, другія – на чаўнах. Але танулі баскакі-татары ў бяздонных прорвах або былі пабіты рускімі воінамі.

І адступалі ворагі і паўтаралі імя рускага ляснога бога: «Лельчы, Лельчы...». Так стала называцца тое месца, дзе спынілася варожае войска – Лельчыцы.

* * *
Назва «Лельч» пайшла ад імя князя Аляксандра Алелькі. Яго ўладанні ў XV ст. распасцерліся ад Нёмана да Прыпяці. Да іх належалі і землі Лельчыцкага раёна.

Князь Аляксандр Алелька будаваў на вялікіх прасторах Палесся населеныя пункты. Узнікаючым паселішчам патрэбны былі назвы. І вось найбольш вялікае з іх магло атрымаць назву ад імя ўладальніка – князя Алелькі.

 

Легенда аб Лельчыцах

Рэйсавы аўтобус па маршруту Мазыр — Лельчыцы адпраўляўся па раскладу. Мы з Паўлам Васільевічам занялі свае месцы. Перад самым адыходам у аўтобус увайшоў мужчына гадоў сямідзесяці. Кроплі поту каціліся па яго твару. Паставіўшы чамадан, ён паправіў на галаве – фуражку ваеннага пакрою, прысеў на сваё месца і цяжка ўздыхнуў:

- Ну, здаецца, цяпер будзем дома. Апошняя перасадка..

- Ці далёка ездзілі? - Запытала яго маладая жанчына, што сядзела побач.

- Далеча. Аж у Сібір... да сына. А зараз ёду ў Ленчыцы, сказаў дзед, выціраючы пот хусцінкай.

- А чаму вы гаворыце ў Ленчыцы, а не ў Лельчыцы? — Запытаў у яго Павел Васільевіч.

- Гэта даўняя гісторыя. Расказваў мне яе дзед, а майму дзеду — яго дзед. Калі цікавіцеся, можна расказаць. Дарога яшчэ далёкая...

...Крыху памаўчаўшы, нібы штосьці прыпамінаючы, дзед пачаў свой расказ.

Нашы продкі-паляшукі калісьці з'яўляліся ўласнасцю графа Чыцкага. Граф быў багатым. Дзесяткі тысяч дзесяцін зямлі меў ён на Украіне і ў Беларусі. Тысячы сялян, працавалі на яго. Славіўся граф і сваёй жорсткасцю: за малёйшую правіннасць караў сялян розгамі, ссылаў у аддаленыя, глухія месцы, аддаваў у рэкруты. Быў гэты граф жорсткі, не толькі да сялян, але і да сваёй роднай дачкі.

Аднойчы да графа ў госці прыехаў ваявода з Брэста. Прыглянулася яму дзяўчына. Папрасіў ён у графа рукі дачкі. Граф быў не супраць парадніцца з ваяводай. Але супрацівілася дзяўчына.

Раззлаваўся бацька і аддаў загад, адвезці яе на Палессе, у глухую вёску Балотнае. Маўляў, няхай пажыве там, розуму набярэца.

Алена, так звалі дачку графа, заплакала. Але ўпрашваць яго не стала. Ведала нораў бацькі. Праз два дні яна з няняй Васілісай Капітонаўнай выехала з Кіева ў вёску. Ехалі доўга.

Калі прыехалі, барадаты эканом Архіп Назарыч ветліва запрасіў гасцей у дом. Ён прывёў Алену з няняй у пакой, усланы каўрамі і мядзведжымі скурамі.

На другі дзёнь Алена пазнаёмілася з вёскай, людзьмі. Прыйшоўшы дамоў, сказала няні адно слова: глухамань.

I вось аднойчы ў вёску прыехаў граф, а з ім і ваявода. Гэты дзень стаў ракавым у жыцці дзяўчыны: бацька з ваяводам пілі многа, да поўначы. Затым, заваліўшыся ў пакой дзяўчыны бацька абвясціў: «3 сёняшняга дня ваявода твой муж». Ваявода прыблізіўся да дзяўчыны, хацеў абняць і пацалаваць. Дзяўчына выр-валася, выбегла ў суседні пакой і горка заплакала. Што рабіць, думала яна, заліваючыся слязамі. Бацька з ваяводам усё настойлівей і настойлівей стукалі ў дзверы. Алена рэзка ўзнялася, абвяла позіркам рэчы, якія знаходзіліся ў пакоі, і выпрыгнула ў вакно.

Да самай раніцы шукалі дзяўчыну па вёсцы. Але безвынікова. I толькі калі развіднела, Архіп Назарыч заўважыў на беразе ракі, дзе любіла лавіць рыбу Алена, белую хусцінку.

Выцягнулі дзяўчыну з рэчкі на другі дзень. Граф загадаў упраўляючаму маёнтка пабудаваць царкву на тым месцы, дзе стаяў дом, а вёску перайменаваць у памяць дачкі Ленчыцамі.

- А чаму цяпер гарадскі, пасёлак называюць Лельчыцамі? — ціха запыталі пасажыры ў дзеда.

- Дзяўчына вельмі любіла жыхароў вёскі, заўсёды аказвала дапамогу простаму чалавеку ў бядзе. Гэтым жа плацілі ёй і сяляне. I часта называлі яе не Ленай, а Лелькай. Вось адсюль і пайшло — Лельчыцы.

Інтэрнэт-рэсурсы