Гісторыя стварэння і развіцця
5 студзеня 1919 года пастановай Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі быў утвораны Камісарыят сацыяльнага забеспячэння, на які ўскладалася задача «агульнага кіраўніцтва ў вырашэнні сацыяльных пытанняў».
У тым жа, 1919-м годзе была ўтворана і дзяржаўная служба працы – Камісарыят працы, падкантрольнымі якога былі пытанні работы біржы працы, ахова працы, працоўная павіннасць, вырашэнне канфліктаў працадаўцы з наёмнымі работнікамі.
У канцы 20-х гадоў з дзяржаўнага бюджэту сталі выплачвацца пенсіі – у выпадку пастаяннай страты чалавекам працаздольнасці з прычыны хваробы, калецтва і старасці.
Важнай падзеяй у сацыяльным забеспячэнні краіны стала прыняцце ў 1956 годзе Закона СССР «Аб дзяржаўных пенсіях» і ў 1965 годзе, Закона «Аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў», якія адзначылі сабой стварэнне адзінай дзяржаўнай сістэмы пенсійнага забеспячэння для ўсіх грамадзян.
У нашым раёне аддзел сацыяльнага забеспячэння пачаў ажыццяўляць сваю дзейнасць яшчэ да 1941 года.
У ліпені 1944 года ў раёне было два аддзелы: аддзел дзяржзабеспячэння і райсабес. У 1946-1947гг. адбылося аб'яднанне двух аддзелаў у Лельчыцкі раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння (Лельчыцкі райсабес).
У пачатку 50-х гадоў у Лельчыцкім райсабесе працавала 6 чалавек, якія займаліся пытаннямі пенсійннага забеспячэння, а таксама бытавога абслугоўвання ветэранаў і інвалідаў.
У 1988 годзе на базе Лельчыцкага райсабеса было адкрыта аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома.
У 1995 годзе Лельчыцкі райсабес быў перайменаваны ў аддзел сацыяльнай абароны, а ў 2002 годзе аддзел быў пераўтвораны ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне.
У сувязі з узростам запатрабаванняў насельніцтва ў сацыяльнай дапамозе і абслугоўванні 28 лістапада 2003 г. у нашым раёне была створана ўстанова «Лельчыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», да якой перайшлі функцыі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома, ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне.
Сістэма органаў працаўладкавання насельніцтва ў СССР пачала фарміравацца ў другой палове 1960-х гадоў, а Дзяржаўная служба занятасці ў Рэспубліцы Беларусь была створана ў 1991г. У гэтым жа годзе ў Лельчыцкім раёне пачаў функцыянаваць раённы цэнтр занятасці Гомельскага абласнога цэнтра занятасці, у якім працавалі 2 спецыялісты.
Са жніўня 2003 года раённы цэнтр занятасці стаў структурным падраздзяленнем Лельчыцкага райвыканкама.
З 2007 года раённы цэнтр занятасці і ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне былі аб'яднаны ў адно ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.